Кастрычніцкія пагромы і закалоты ў гарадах Францыі ды Італіі чакана выклікалі буру ў сацыяльных сетках. Шквал відэа з разбітымі вітрынамі і падпаленымі аўтамабілямі імгненна спарадзіў жорсткія дыскусіі. У сеціве ўсё часцей гучаць заклікі абураных еўрапейцаў дэпартаваць эмігрантаў. Галоўны аргумент – яны прыехалі ў пошуках гуманітарнай абароны, а замест гэтага пачалі граміць гарады. Маецца на ўвазе, што ўсе ўдзельнікі закалотаў – выхадцы з Афрыкі і Блізкага Усходу. Апаненты ж слушна нагадваюць: у натоўпе дастаткова і мясцовых, якія выйшлі на вуліцы праз сацыяльныя праблемы, беспрацоўе ці пагаршэнне адукацыі. І колер скуры тут ні пры чым.
